Запісы адкрытых лекцый

Лекцыя 6. Дэкаланіянізм і паварот да народнай культуры, або што новага ў свеце мастацтва

Міхаліна Саблік, куратарка больш за 20 выстаў у Польшчы і за мяжой, адштурхоўваючыся ад тэмы сёлетняй Венецыянскай біенале «Чужынцы паўсюль», якую курыруе Адрыяна Педраса, паглыбілася ў новыя тэндэнцыі ў свеце мастацтва. Лекцыя прысвечана дэкаланіяльным практыкам, якія ўключаюць маргінальныя галасы, пераасэнсоўваюць існуючыя творы і пераглядаюць музейныя практыкі. Вы таксама даведаецеся, як гэтыя тэндэнцыі адлюстроўваюцца ў польскім, беларускім і ўкраінскім мастацтве.

Лекцыя 5. Сістэмы падтрымкі культуры: фінансавыя і нефінансавыя практыкі з Польшчы, у тым ліку фонды ЕС і недзяржаўныя фонды

Аляксандра Шыманьска – спецыялістка па культурніцкай палітыцы, дырэктарка Цэнтра падтрымкі творчых індустрый, кіраўніца літаратурнага і маркетынгавага аддзела Вялікага тэатра - Нацыянальнай оперы.

Спікерка расказвае пра сучасныя сістэмы падтрымкі культуры ў Польшчы і Еўропе. Лекцыя прысвечана фінансавым і нефiнансавым практыкам, якія дапамагаюць развіваць культурныя праекты, як у дзяржаўных, так ў незалежных сектарах.

Лекцыя 4. Трэнды сучаснай літаратуры: чаму беларускай кнізе складана прабіцца на заходні рынак

Лекцыя «Трэнды сучаснай літаратуры: чаму беларускай кнізе складана прабіцца на заходні рынак» з Ціханам Чарнякевічам✨

На лекцыі мы абмяркавалі сучасныя тэндэнцыі ў сусветнай літаратуры, прааналізавалі топ-100 па версіі New York Times Books і разгледзелі, што перашкаджае беларускім кнігам прабіцца на заходні рынак.

Ціхан Чарнякевіч – літаратурны крытык, перакладчык, рэдактар сайта Bellit.info, каардынатар Школы маладога пісьменніка. Аўтар нарыса «Вандроўнік: кніга пра паэта Уладзіміра Някляева» (2016).

Лекцыя 3. Як сучаснае мастацтва актуалізуе спадчыну? Кейсы ў свеце і Беларусі

Аліна Дзеравянка – менеджарка культурных праектаў, лектарка.

Сучаснае мастацтва актуалізуе спадчыну, дадае новыя кантэксты і надае ёй адметнасці. Гэта ня толькі камяні і таблічкі «ахоўваецца дзяржавай», але і тое, што супольнасць ці група вызначае як вартае і каштоўнае для захавання і спрабуе, часам без дапамогі, зберагчы і абараніць. Мастакі становяцца аднымі з лідэраў гэтых працэссаў, бо адчуваюць, што ёсць важным і вартым у нашай рэчаіснасціНа лекцыі вы даведаецеся, як сучаснае мастацтва працуе са спадчынай, ствараючы і аднаўляючы тое, што часам нам здаецца нявартым увагі. Зараз ўсе больш арт праектаў датычыцца лакальнай ідэнтычнасці, візуальнай гісторыі супольнасцяў ці актуалізацыі нябачнай спадчыны.

Лекцыя 2. Межы і рысы беларускай нацыянальнай культуры: Канструяванне ўяўнай сапраўднай беларускасці

Сцяпан Захаркевіч - знаны беларускі навуковец, аўтар навуковых публікацый, прысвечаных розным аспектам беларускай культуры, этнаграфіі і гісторыі. Яго працы ахапляюць шырокі спектр тэм: ад даследавання культурнай спадчыны да аналізу сучасных тэндэнцый у развіцці беларускай ідэнтычнасці.

🎓 У час лекцыі  разгледжаны пытанні, што кранаюць фармаванне і развіццё беларускай культуры, яе асноўных рыс і каштоўнасцяў. Абмяркавана, якія фактары і падзеі ўплываюць на фармаванне беларускай ідэнтычнасці і якім чынам яна змяняецца і развіваецца на працягу часу.

Апроч таго,  гутарка вядзецца пра тое, якія выклікі стаяць перад сучасным беларускім грамадствам у захаванні і прасоўванні сваёй культурнай спадчыны, і як кожны з нас можа дадаць свой унёсак у развіццё беларускай культуры і ідэнтычнасці.

Лекцыя 1. Функцыянаванне сусветнага арт-рынку. Як беларускім мастакам заняць на ім прыкметнае месца

Джэфры Тэйлар – выбітны эксперт у галіне галерэйнага бізнесу і аўтар падручніка «Арт-бізнэс: свет мастацтва, рынак мастацтва». Ён унёс значны ўклад у даследаванне дынамікі арт-рынку і з'яўляецца выкладчыкам у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

Лекцыя прадставіла ключавыя аспекты функцыявання сусветнага арт-рынку, тонкасці ўзаемадзеяння з галерэямі і аўкцыёнамі. Таксама прагучалі адказы на пытанні да лектара.